Віленскі беларускі музэй імя Юрыя Попкі
Віленскі беларускі музэй імя Юрыя Попкі
Выстава ў Віленскім беларускім музэі імя Івана Луцкевіча верасень-лістапад 2026
На гэтай выставе прадстаўленая калекцыя, прывезеная ў Вільню вясной гэтага году зь Ляймэну (Нямеччына). Калекцыя на выставе прадстаўленая цалкам, ва ўсёй сваёй татальнасьці: на ёй вы бачыце збор тэкстылі (рушнікоў, посьцілак, вопраткі); мастацкія і дэкаратыўныя творы; бібліятэку музэю; асабістую карэспандэнцыю і фотаальбом Ю. Попкі.
Музэй Юрыя Попкі пасьля сьмерці свайго ўласьніка, ня гледзячы на ўсе яго вымаганьні, спыніў сваё існаваньне - калекцыя апынулася на паддашку ў бязьлітасным распараджэньні надвор’я, пацукоў і жукоў-скураедаў. Дзякуючы перамовам нямецкага беларуса Алеся Маісеенкі, якія працягнуліся больш за дзесяцігодзьдзе, калекцыя, колькі яе ўдалося ўратаваць ад вышэйзгаданых зламысьнікаў, была прывезеная ў Віленскі беларускі музэй. Напрацягу апошніх месяцаў калекцыя была неда-ступная для наведнікаў музэю, бо вяліся працы па вынішчэньні прывезеных разам з калекцыяй жукоў (пара каторых таксама прадстаўленыя на выставе і па яе закрыцьці будуць захаваныя ў адукацыйных мэтах). Цяпер жа музэй Юрыя Попкі ўпершыню за шмат гадоў адкрыты да наведваньня.
Уважлівы глядач заўважыць, што экспанаты на выставе ня маюць цэтлікаў. Так ёсьць таму, што зь Нямеччыны не прыехаў адзін важны аб’ект – вопіс музэю. Ня гледзячы на спробы скантактавацца зь нямецкімі інстытуцыямі, на гэты момант мы ня можам яго знайсьці і ня ведаем ці ён захаваўся агулам. Гэта азначае, што пра прадстаўленыя рэчы мы ня ведаем анічога за літаральна парай выключэньняў: да спадніцы маецца фатаздымак з подпісам аб яе паходжаньні, на адным рушніку вісіць цэтлік з падрабязнай інфармацыяй. Таму мы запрашаем вас, шаноўнае спадарства, падзяліцца назіраньнямі пра аб’екты – калі маеце меркаваньне наконт іх паходжаньня, мы ласкава просім вас падзяліцца гэтай ведай. Для гэтага на падваконьні вы знойдзеце лісточкі паперы, якія можаце клеіць побач з экспанатамі на сьценку, каб і іншыя даведаліся бы.
Па нешматлікіх здымках мы ведаем, што калекцыя музэю Попкі прыехала ў Вільню ня цалкам. Гэта пацьвярджаецца нумарнымі цэтлікамі на экспанатах – нумарацыя пачынаецца з 46, 49, тады пераскоквае да 83, тады адразу да 170, 174 і 227. Апошні пасьлядоўны нумар – 840 – стаіць на кожнай частцы кнігі “Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Книга в трех частях”. Тобок справядліва дапусьціць, што музэй налічваў як найменш 840 экспанатаў; мы ж налічваем толькі 322 пранумараваных экспанатаў і кнігаў. Яшчэ маецца ткацкі чаўнок з цэтлікам “1212-10”, што нас ужо канчаткова блытае.
Гэтая выстава – ня толькі пра этнаграфію, гісторыю беларускай эміграцыі, мікрамузэі і актывізм. Яна яшчэ пра жорсткае і непрадказальнае жыцьцё пасьля сьмерці. Музэй Попкі – той рэдкі выпадак, калі на спадчыну быў складзены тэстамэнт і пакінутыя вялікія сродкі для забясьпячэньня працы інстытуцыі пасьля сьмерці дырэктара. Гэтыя перасьцярогі не зьбераглі калекцыю ад зьнішчэньня больш чым на палову праз розныя фактары, асноўны зь якіх – абыякавасьць да тэстамэнту. Наведваньне гэтай выставы – нагода напісаць свой тэстамэнт і паклапаціцца пра супольнасьць, якой давядзецца яго выконваць.
Юрый Попка марыў, што яго музэй знойдзе сваё прыстанішча ў Пружанах пасьля аднаўленьня беларускай незалежнасьці. Цяпер яго музэй на адзін крок бліжэй да сваёй мэты. ◦ Юры Попка (1912, хутар Высокі Груд Пружанскага павету – 1990, Ляймэн, Нямеччына) – пісьменьнік, выдавец. Старшыня Пружанскага аддзелу Беларускага Камітэту (1943-1944). Заснавальнік Інстытут беларусаведы. У 1982 годзе адкрыў уласны беларускі музэй у Ляймэне.
Куратарка Паўліна Вітушчанка Сцэнаграфія выставы Марыя Гарнак Ілюстрацыя для афішы Ільля Магін Валянтэры Алесь, Тэльман, Вольга, Інэса Пры падтрымцы Belarusische Gemeinschaft RAZAM e.V. Фундацыя Пётры Крэчэўскага Дэпартаментам нацыянальных меншасьцяў пры ўрадзе Літвы
Спэцыяльная падзяка Алесю Маісеенку
Пасьля выставы калекцыя будзе захоўвацца на новым, прыгожым стэляжыку дзякуючы нашым шчодрым ахвярадаўцам.