Запрашаем на новую выставу пра беларускае жыцьцё ў 1926 годзе
Пакуль інтэрнэт запаланёны здымкамі з 2016 году, Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча запрашае наведнікаў на новую выставу пад назвай “1926: выстава пра будучыню”. На выставе прадстаўленыя выдадзеныя ў 1926-тым беларускія кнігі, напісаныя ў той год любоўныя лісты гімназістаў Віленскай беларускай гімназіі і паштоўкі беларускіх паэтаў.
“Насамрэч 1926-ты мала чым адметны”, - прызнаюцца супрацоўнікі ВБМ. “Канешне, у Менску зьбіраюцца на канфэрэнцыю ўсе зоркі тагачаснай лінгвістыкі, а саветы раскашэльваюцца на новыя тыпаграфскія шрыфты, і беларускія кнігі, што выходзяць у Вільні і Менску з гэтага году ўжо ніколі ня будуць сачыць аднаму стылю. Але насамрэч гэты год - чарговы год намаганьня зьвярнуцца да нармальнасьці пасьля заняпаду першай сусьветнай, не падазраючы, які пачварны заняпад чакае ўжо неўзабаве, падчас другой.” Тым ня менш, экспанаты, паказаныя на выставе, даюць магчымасьць убачыць, што хвалявала тагачасных беларусаў. “Таму мы лічым, што гэтая выстава пра будучыню. Усё, што мы робім, мы робім для будучыні, і адзіны спосаб зразумець мінулае - гэта зразумець, якія будучыні ўяўлялі, якіх баяліся і якіх прагнулі.” Такім чынам глядача запрашаюць рэканструяваць тагачасныя ўяўленьні пра будучыню паводле падручнікаў па Старому завету і кашапляценьню, здымкаў адкрыцьця ў Вільні новых інстытуцыяў кшталту беларускай друкарні імя Скарыны ды інстытута гаспадаркі й культуры.
“Праз сто гадоў зробім выставу пра 2026-ты”, – пагрозьліва папярэджваюць музэйшчыкі, прымушаючы задумацца, што ж на такой выставе будзе паказана.
Выставу можна агледзець у працоўныя дні музэя – з серады па нядзелю ў 14:00-20:00. Уваход на выставу вольны. Музэй знаходзіцца ў двары па адрасе Vilniaus g. 20. А тых, хто не ў Вільні, музэй запрашае азнаёміцца з экспанатамі выставы на сваім віртуальным сховішчы, дзе можна пагартаць выстаўленыя кнігі і бліжэй паразглядаць лісты.