|
1 верасьня |
 |
Першага верасьня 1875 году нарадзіўся амэрыканскі пісьменьнік Эдгар Райс Бэроўз, той самы, які прыдумаў знакамітага Тарзана. Пра сябе Бэроўз казаў так: “Я з тых, хто прыбывае на пажар, калі той ужо загашаны“. У гэты дзень у 1992 годзе трапіў у аварыю Аляксандар Дубчак, лідэр чэхаславацкай аксамітнай рэвалюцыі. А 1 верасьня 1970 году памёр Франсуа Марыяк, францускі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1952 году. Першы дзень восені -- гэта дзень пачатку. Пачатак новага навучальнага году. Пачатак беларускага легальнага друку -- менавіта 1 верасьня 1906 году ў Вільні выйшла пеpшая легальная белаpyская газета “Hаша доля“. Таксама ў першы дзень восені ў 1939 годзе пачалася другая сусьветная вайна. Нямеччына ўрываецца на тэрыторыю Польшчы і анэксуе горад Данцыг -- па-польску Гданьск. З гэтай нагоды ў сьвеце 1 верасьня адзначаецца Сусьветны дзень міру. Першага верасьня 1941 году на тэрыторыі Беларусі акупацыйныя нямецкія ўлады ўтварылі Генэральны камісарыят, які ўзначаліў Вільгельм Кубэ. Узбэкістан адзначае 1 верасьня Дзень незалежнасьці, Брунэй -- Дзень адкрыцьця Карану, Лівія і Эгіпэт -- Дзень рэвалюцыі, Малайзія -- Нацыянальны дзень, Мэксыка -- Прэзыдэнцкі дзень. Менавіта першага верасьня лічыць днём свайго заснаваньня беларускі ансамбаль “Песьняры“. Адбылося гэта ў 1969 годзе. З таго часу колькасьць музыкаў, што спрычыняліся да славутага гурта, даўно пераступіла сотню. А сёньня, на схіле кар`еры самых першых выканаўцаў і заснавальнікаў, яны вырашылі падзяліцца на два гурты -- Проста “Песьняры“ і “Беларускія песьняры“. Колькі ж усяго песьпявалі яны за трыццаць гадоў дзейнасьці! І народных песень, і Пахмутавай з Дабранрававым, і савецкіх патрыятычных... А колькі твораў зь іхнага даробку ня вытрымала выпрабаваньня часам! Праўда, песьні з даўняга-прадаўняга, самага першага альбому па-ранейшаму гучаць сьвежа і кранаюць душу. “Скрыпяць мае лапці“, “Касіў Ясь канюшыну“, “Александрына“. Таксама ў гэты дзень у 1983 годзе савецкая супрацьпаветраная абарона зьбіла паўднёвакарэйскі пасажырскі самалёт “Боінг-747“. Той самалёт нібыта парушыў савецкую паветраную прастору ў раёне выспы Сахалін. А савецкія зэнітчыкі доўга не разьбіраліся. У выніку -- 269 ахвяраў. Заходнія дзяржавы тады на два тыдні ўвялі забарону на палёты ў свае краіны самалётаў савецкай авіякампаніі “Аэрафлёт“. Але 1 верасьня пазначаны ня толькі стратамі, але й знаходкамі. Якраз у гэты дзень у 1985 годзе амэрыканска-француская экспэдыцыя знаходзіць абломкі знакамітага “Тытаніка“ -- вялізнага карабля, які затануў пасьля сутыкненьня з айсбэргам у 1912 годзе. Цікава, што “Тытанік“ знайшлі на глыбіні 4 кілямэтры. Для параўнаньня -- затанулую нядаўна расейскую падлодку “Курск“ будуць падымаць з глыбіні ўсяго 100 мэтраў. Мабыць, у дзень знаходкі “Тытаніка“ ў кіношнікаў бліснула ідэя зьняць пра тую трагедыю вялікае галівудзкае кіно, што і было зроблена празь дзесяць гадоў. 1 верасьня 1975 году «Pink Floyd» выпускаюць свой знакаміты альбом “Wish You Were Here“.
|
|
|
|